САМТА́ЎРСКІ МО́ГІЛЬНІК,
вялікі (каля 18 га) розначасовы могільнік на паўн. ускраіне стараж. г. Мцхета (Грузія). Назва ад манастыра Самтаўра, каля якога знаходзіцца могільнік. Даследавана больш за 3 тыс. пахаванняў ад сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. да 10 ст. н.э. С.м. з’яўляецца могілкамі жыхароў паселішча бронзавага веку г. Мцхета (стараж. сталіца Картлі), які ўзнік на месцы паселішча ў эліністычны час. Найб. багатыя знаходкамі грунтавыя пахаванні эпохі позняй бронзы (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.) і ранняга жалеза (9—5 ст. да н.э.): глянцаваная з геам. арнаментам і каляровая глазураваная кераміка, бронзавая і жал. зброя, упрыгожанні з бронзы, косці, сердаліку, агату, бронзавыя статуэткі жывёл і інш. Да 2—1 ст. да н.э. належаць збанавыя пахаванні, да 1—3 ст. н.э. — пахаванні ў каменных, чарапічных, цагляных скрынях і саркафагах. Знойдзены манеты, помнікі эпіграфікі, творы мастацтва, упрыгожанні (залатыя, сярэбраныя, бронзавыя бранзалеты, пярсцёнкі, завушніцы, падвескі, медальёны з каляровымі камянямі, гемы і інш.), сярэбраны і шкляны маст. посуд. Знойдзена шмат шклянога посуду мясц. вытв-сці і рэчаў туалету.
т. 14, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)